Журналіста @euroradio Тараса Тарналіцкага дадалі ва ўкраінскую базу "Міратворац". Але падставаў для гэтага няма, мы будзем гэта абскарджваць і даб'емся поспеху. А тое, што адбываецца, тлумачыцца проста: праз сваіх агентаў і "карысных ідыётаў" нашае выданне працягвае атакаваць КДБ. Тарас Тарналіцкі ў кантэксце вайны ва Украіне публічна займае праўкраінскую пазіцыю. Ён дапамагаў украінскаму войску і ўцекачам, якія беглі ад поўнамаштабных баявых дзеянняў у першыя дні вайны. Пасля 24 лютага 2022 года ён неаднаразова бываў у службовых камандыроўках у Кіеве і ў Львове. Раней у базу "Міратворац" дадалі галоўнага рэдактара Еўрарадыё Яўгена Казарцава. Але мы знайшлі аргументы, каб пераканаць украінцаў, што гэта было зроблена памылкова — пасля таго, як на яго ўзвяла паклёп самаабвешчаная "прадстаўніца дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры" Алеся Пархоменка. Гэтая жанчына і яе "калегі" сумна вядомыя даносамі на актывістку Крысціну Васіну, пасля якіх яна была асуджаная ў Беларусі, і пагрозамі экс-палітзняволенай, журналістцы Кацярыне Андрэевай. Пархоменка мае асабісты канфлікт з Тарасам Тарналіцкім праз яго артыкул, напісаны ў лістапада 2025-га. У гэтым тэксте Тарналіцкі правярае яе заявы, агучаныя ў жывым эфіры @euroradio, і прыходзіць да высновы, што яны не адпавядаюць рэчаіснасці. Менавіта пасля гэтага "дэмакратычная амбасадарка" пачала публічна абражаць яго і атакаваць Еўрарадыё.