Кінутыя ў дварах машыны будуць адпраўляцца на ўтылізацыю хутчэй. Новыя правілы набываюць моц 13-га лістапада. Шукаць уладальнікаў аўтахламу камунальнікі цяпер змогуць самі, без пасярэдніцтва выканкамаў. Ім дазволілі наўпрост запытваць даныя ў банкаў, ДАІ, службаў тэхагляду і страхавых кампаній. Раней на такі пошук сыходзілі тыдні. Калі высветлена, хто валодае машынай, на яго адрас накіроўваецца заказны ліст з апавяшчэннем. Праз 10 каляндарных дзён ён будзе лічыцца атрыманым, нават калі ніхто яго не забраў. Дагэтуль суды патрабавалі, каб апавяшчэнне сапраўды атрымалі. Таму разбіральніцтвы адкладаліся, а аўтамабілі працягвалі стаяць у дварах. Утрая скарачаецца і тэрмін звароту ў суд. Калі ўладальнік тры месяцы не забірае эвакуяванае ці кінутае аўто, улады змогуць патрабаваць прызнаць яго бясхоўным праз дзесяць дзён, а не праз трыццаць, як раней. Пад новыя правілы трапляюць таксама кінутыя трактары і іншая тэхніка.