Экс-палітвязні і актывісты атрымліваюць фэйкавыя паведамленні — нібыта ад Офіса Ціханоўскай. Пра гэта паведамляе прэс-служба Офіса. Адпраўнікі называюць сябе супрацоўнікамі Офіса і заклікаюць людзей "спыніць крытыку" і "не падрываць давер донараў". У паведамленнях сцвярджаецца, быццам публічныя выказванні перашкаджаюць дапамагаць тым, хто яшчэ застаецца за кратамі. Офіс Святланы Ціханоўскай не мае ніякага дачынення да гэтых паведамленняў. Мы не звярталіся да былых палітвязняў з падобнымі патрабаваннямі і не выкарыстоўваем ананімныя акаўнты для камунікацыі. У Офісе мяркуюць, што гэта можа быць правакацыя беларускіх спецслужбаў. Таксама звяртаюць увагу, што такія кантакты могуць быць спробай атрымаць асабістую інфармацыю пра былых палітвязняў, іх сувязі і месцазнаходжанне.