Журналістка "Гомельскай праўды" забрала сабе котку, эвакуяваную з Алешак, знялася ў прапагандысцкім сюжэце — і перастала адказваць яе ўкраінскім гаспадарам. Хаця тыя вельмі хочуць вярнуць сваю хатнюю гадаванку ва Украіну. Котку завуць Ева, хаця ў Беларусі ёй прыдумалі новую мянушку — Міра. Ева належыла бабулі, якая памерла за некалькі тыдняў да цяперашняй эвакуацыі. Пра котку клапаціўся сусед, які адправіў яе з Алешак, напісаўшы на пераносцы імя і нумар тэлефона гаспадароў. Але званіць па ім, вядома, ніхто не стаў. Эвакуацыя з Алешак пралягала праз Беларусь. Тут Еву вырашылі выкарыстаць для сюжэта пра тое, як добрыя беларусы дапамагаюць пераадолець страшныя наступствы вайны. Нават коткам! Пабачыўшы гэта, гаспадары Евы былі ў шоку. "У нас ёсць поўны план дзеянняў: ёсць чалавек, гатовы забраць Еву, аформіць усе неабходныя дакументы і паклапаціцца пра яе, пакуль яна не зможа бяспечна вярнуцца дадому, — расказваюць яны. — Аднак мы страцілі сувязь з Уладзіславай [так завуць журналістку. — @euroradio]: нашы паведамленні застаюцца непрачытанымі, адказу няма. Магчыма, паведамленні проста згубіліся, ці яна з нейкай прычыны не можа адказаць. Мы настойліва просім Уладзіславу выйсці на сувязь і пайсці на супрацоўніцтва, каб котку можна было вярнуць яе законным уладальнікам".