"Нават наймацнейшыя сцены могуць упасці". Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскіх партнёраў быць гатовымі да перамен у Беларусі. "Беларусы павінны бачыць, што Еўропа — гэта не далёкая мара, а рэальная альтэрнатыва “русскому миру”. І мы, як дэмакратычныя сілы, таксама будуем гэтую альтэрнатыву. Мы падтрымліваем міжнароднае прадстаўніцтва і распрацавалі планы рэформаў. Мы хочам пераканацца, што калі прыйдуць змены, яны будуць сістэмнымі і непаваротнымі", — сказала лідарка дэмсіл на Берлінскім форуме будучыні Беларусі. Ціханоўская дадала: "І хоць сённяшні дзень можа здавацца цёмным, такія моманты часта ствараюць магчымасці". "Таму, калі надыдзе момант, Беларусь павінна быць гатовая. І Еўропа таксама павінна быць гатовая. Берлін нагадвае нам, што нават наймацнейшыя сцены могуць упасці. Што дыктатуры не вечныя. І што тое, што здаецца немагчымым сёння, можа стаць рэальнасцю заўтра".