Эдуард Пальчыс распавёў, дзе можна ўбачыць галоўнага арганізатара пратэстаў 2020-га. У сваім тэлеграм-канале блогер апублікаваў бачанне таго, як больш за шэсць гадоў таму разгортваліся гістарычныя падзеі. І прыходзіць да высновы: "Галоўныя арганізатары 2020 года — гэта беларускі народ і рэжым Лукашэнкі. Вырасла новае пакаленне са сваімі запытамі, поглядамі і патрабаваннямі. Яно шмат у чым было наіўным і шчыра верыла, што калі неяк прыйсці на выбарчыя ўчасткі, паназіраць там, зрабіць нешта такое, то можна нешта змяніць. Сілавікі ж вырашылі ўсё задушыць, але рэакцыя нечакана аказалася супрацьлеглай. Менавіта запыт і энергія беларусаў сталі галоўным лакаматывам усіх працэсаў. Яны маглі за месяц палюбіць Ціханоўскага і забыць пра яго. Потым ускласці свае спадзяванні на Бабарыку, а пасля — на трыа яскравых беларусак. […] Я разумею, чаму цяпер некаторыя расчараваныя і павыгаралыя людзі спрабуюць знайсці крайняга. Гэта банальная і цалкам зразумелая рэакцыя. Але той, хто спрабуе выставіць гэтыя падзеі як вынік дзеянняў нейкіх спецслужбаў, асабліва расійскіх, нічым не адрозніваецца ад Пуціна, які адмаўляўся прызнаваць самастойнасць украінцаў падчас Майдана. Таму, калі хочаце ўбачыць галоўнага арганізатара 2020 года, — падыдзіце да люстэрка".