"Пшэварот Туска". Беларуская прапаганда накінулася на польскага прэм'ера на фоне навін пра крызіс у Канстытуцыйным трыбунале Польшчы. Агулам з пятніцы па сёння ўключна амаль кожны пяты пост у "ЖС" звязаны з гэтай тэмай. Галоўны фокус — распавядаць, што адбываецца "пераварот" і кпіць з дэмакратыі. "А вось пацешна будзе, калі па выніках разборак Наўроцкі ў нас палітычнага прытулку папросіць, тады ў нас будзе ўласны ўрад Польшчы ў выгнанні", — пісалі ЖС. У тэлеграм-каналах БелТА і АНТ у разы больш паведамленняў агулам, таму польскай тэма заняла каля 3% і 5% адпаведна. Тут пераважна сухія навіны, але падбор таксама характэрны: аўдыторыі прадстаўляюцца толькі пазіцыі тых, хто крытыкуе Дональда Туска. Яшчэ ў пятніцу экс-палітвязень Анджэй Пачобут спрагназаваў, што крызіс вакол Канстытуцыйнага трыбунала ў Польшчы выклікае "выбух радасці і задавальнення" ў беларускай і расійскай прапаганды. Як бачым, ён быў правы. Тут мы коратка тлумачылі, у чым увесь сыр-бор вакол Трыбунала.