Экс-палітвязень Эдуард Пальчыс расказаў, хто каардынаваў пратэстныя маршы ў 2020-м годзе. Спойлер: да гэтага не мелі дачыненне ні польскія спецслужбы, ні Расія. Большая частка працы рабілася праз адзін тэлеграм-чат, у якім сабраліся адміністратары буйных тэлеграм-каналаў. "План сабрацца 9-га жніўня на Стэле. Планы першых васьмі маршаў, "План Перамогі" [не блытайце з "Планам "Перамога", які з'явіўся пазней. — Еўрарадыё] і практычна кожны вялікі тэкст, які вы чыталі ў NEXTA, "Беларусь головного мозга", МКБ і г.д. — усё гэта было напісана мною ці сыходзіла ў асноўным ад мяне. Як і шмат-шмат іншага, — расказвае Пальчыс. — У тым ліку наземная каардынацыя маршаў ужывую. Мы каардынавалі і планавалі акцыі, знаходзячыся ў Мінску. <...> Ногі мае гарэлі, а ўдзельнікі маршаў не раз прымалі мяне за ціхара (за стыль адзення і маску), што часам несла для мяне не меншыя рызыкі, чым сустрэча з КДБ". Пальчыса затрымалі 27-га верасня 2020 года. У снежні 2021-га блогера прысудзілі да 13 гадоў пазбаўлення волі. Сведкам па яго справе быў Раман Пратасевіч, які апынуўся ў руках сілавікоў у траўні 2021-га, пасля прымусовай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair. 19-га сакавіка 2026 года Эдуард Пальчыс быў вызвалены, дзякуючы беларуска-амерыканскім перамовам. Але да нядаўняга часу за кратамі заставаўся апошні ўдзельнік каардынацыйнага чата — былы следчы, айцішнік Яўген Юшкевіч. Цяпер вызвалены і ён — таму Пальчыс перастаў маўчаць. Хаця дагэтуль публічна амаль не выказваўся. "Па выхадзе было вельмі смешна назіраць за дзеяннямі некаторых персанажаў, якія ўсяляк спрабавалі пахайпіць і падзяліць лаўры 2020 года. Хаця побач з працэсамі наогул не стаялі. Нехта нават кнігі паспеў напісаць і ў турнэ з імі з'ездзіць. Мая ім парада — пачынайце супакойвацца і будзьце крыху больш сціплымі", — дадае блогер.