Адкрыўся віртуальны музей беларускіх габрэяў. Праект аб'ядноўвае лічбавыя выставы, архіўныя дакументы, фатаграфіі і сямейныя ўспаміны. Арганізатар праекта — Цэнтр беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны. Ён быў заснаваны ў Мінску ў 2019 годзе беларускай куратаркай і арганізатаркай культурных праектаў Маяй Кацельсон. "Музей — гэта адказ на выклік, звязаны з працай з беларускай габрэйскай спадчынай, значная частка якой была знішчана, забыта або раскідана па ўсім свеце, — тлумачыць Кацельсон. — Ён задуманы як праект, у якім дзякуючы супрацоўніцтву і ўдзелу людзей паступова будуць з'яўляцца новыя гісторыі, калекцыі і ініцыятывы". Адзін з іншых гучных праектаў Цэнтра беларуска-габрэйскай культурнай спадчыны — выстава "Эмі Уайнхаус: сямейны партрэт". Яна прайшла ў Мiнску ў 2019 годзе i распавядала пра беларускія карані сям'і брытанскай спявачкі. Наведаць музей можна па гэтай спасылцы.