"Мамкін рыцар". Экс-палітзняволеная Сафія Сапега ўпершыню выказалася пра паводзіны Рамана Пратасевіча пасля іх затрымання ў Мінску. "Нават дня не прайшло, нават пары гадзін — а ён ужо пачаў гаварыць [з сілавікамі]. За што, натуральна, атрымаў прывілеі. Ужо пасля вызвалення пад хатні арышт я даведалася, што яму куплялі кашулі для выступаў, што ён мог сядзець не ў камеры СІЗА, а ў асобным пакоі з ложкам, што яму куплялі кебабы. Найбольш дзіўным для мяне быў эпізод, калі ён расказаў, што выпіваў у кампаніі супрацоўнікаў КДБ. Немагчымае магчыма. Метад бізуна і перніка спрацаваў з ім ідэальна", — распавяла Сапега ў інтэрв'ю @zerkalo_Io. Як кажа Сапега, на яе Пратасевіч "нагаварыў на цэлы том крымінальнай справы". — Ён расказаў, што я супрацоўніца ЧКБ, расказаў пра іншых супрацоўнікаў, пра тое, якія ў нас з ім і камандай узаемаадносіны, — увогуле, пра ўсё, што ён бачыў і што памятаў. […] Мы не бачыліся з моманту затрымання і да таго часу, пакуль я не апынулася ў СІЗА КДБ. І што зрабіў гэты прыдурак падчас нашай першай жа сустрэчы? Пачаў угаворваць мяне падпісаць дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве. — У інтэрв’ю расійскай вядоўцы Ксеніі Сабчак ён казаў, што рабіў усё, каб вас выратаваць. — Агідная лухта, хаця б калі ўлічыць тое, што насамрэч адбывалася далей. Я пасядзела ў калоніі, а ён гуляў у камп’ютарныя гульні і некалькі разоў ажаніўся. Мамкін рыцар, атрымліваецца. Нагадаем, Сапега была затрыманая разам з Пратасевічам пасля прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у Мінску ў 2021 годзе. У 2022 яе пакаралі 6 гадамі калоніі. На першае прашэнне аб памілаванні Сапега адмовілі. Але ў чэрвені 2023-га Лукашэнка ўсё ж "памілаваў" дзяўчыну, а забіраць яе прыехаў губернатар расійскага Прыморскага краю — бо Сафія грамадзянка РФ.