Жыхароў акупаваных расіянамі Алешак эвакуююць ва Украіну праз Беларусь — на вайсковым самалёце. Аперацыя запланаваная на 31-га кастрычніка. Спярша іх даставяць у расійскі горад Анапа. А далей у іх будзе выбар: паляцець з расійскай дэлегацыяй у Маскву ці з украінскай — у Гомель. А з Гомеля ўжо дабрацца да тэрыторыі Украіны па зямлі. Групу будзе суправаджаць украінскі амбудсмэн Дзмітрый Лубінец. Жыхары Алешак перажылі пяць страшных месяцаў, калі ў горад увогуле не дастаўляліся прадукты харчавання, медыкаменты і іншае, неабходнае для жыцця. Эвакуацыя стала магчымай пасля непублічных перамоваў Расіі і Украіны пры ўдзеле ЗША. Уночы на 27-га кастрычніка ў Алешках набыў моц рэжым спынення агню тэрмінам на шэсць дзён.