Знікла 27-гадовая беларуска, якая жыве ў Швейцарыі. Яна ўжо больш за месяц не выходзіць на сувязь з братамі — былымі палітвязнямі. Дзяўчыну клічуць Луізай Піпія. Яе братоў Цімура і Тамаза затрымалі ў верасні 2020 года і асудзілі за "масавыя беспарадкі". Увесну 2026-га яны вызваліліся і пакінулі Беларусь. Луіза з'ехала з краіны раней. У 2022 годзе яна накіравалася ў Грузію, а пазней — у Швейцарыю, адкуль родам яе муж. Там жа ў яе нарадзіўся сын Міхась. Сям'я жыла ў горадзе Санкт-Гален. Як расказаў @euroradio Тамаз, яны з сястрой былі ў добрых адносінах і падтрымлівалі сувязь. Аднак 23-га верасня 2026 года яна нечакана не адказала на паведамленне ў тэлеграме: — Яна не адказвае ні па сотавым тэлефоне, ні ў сацсетках. Нікому не адказвае, нічые гісторыі нават банальна не праглядае. Я ўжо ня ведаю, што думаць. Па словах Тамаза, з мужам Луізы таксама немагчыма звязацца. З тымі знаёмымі, да якіх атрымалася дагрукацца, яна размаўляць перастала. Паехаць на пошукі Луізы для братоў цяпер праблематычна. Яны ўжо некалькі месяцаў чакаюць дакументаў у Літве і не могуць пакідаць краіну, пакуль справа застаецца на разглядзе. Шукаць жа сястру ў Беларусі, куды яна тэарэтычна магла паехаць, — яшчэ складаней, бо і Цімура, і Тамаза пасля вызвалення і ад'езду ўнеслі ў базу вышуку.