Група ўкраінцаў тры дні ішла па Чарнобыльскай зоне, каб трапіць у Беларусь. У выніку яны паспяхова пералезлі праз роў і пераадолелі калючы дрот на мяжы, а далей выклікалі беларускіх памежнікаў і праз працэдуру дэпартацыі трапілі ў Еўрасаюз. Гэтую гісторыю расказвае 29-гадовы Віталь Крыкрывенка. Раней ён двойчы спрабаваў пакінуць Украіну праз заходнія межы, але трапляўся сілавікам, якія патрулявалі мяжу. Пачытаўшы чаты, наступны раз ён вырашыў ісці на поўнач. Украінцы ішлі па 7-8 км за дзень, пераходзілі ўброд рэкі, перабягалі трасы і не раз былі на валасок ад таго, каб іх заўважылі. У першыя ж суткі над намётам, у якім начавала група, завіс дрон — і Крыкрывенка падумаў, што "паход" неўзабаве скончыцца. "Але ніякіх рухаў у наш бок не было, ніхто за намі не ламануўся", — расказвае ён. На дзявятыя суткі група ўвайшла ў Чарнобыльскую зону. Там яны ночылі ў шалашы і харчаваліся чарніцамі — бо скінулі ўсё лішняе, каб прайсці небяспечны ўчастак пахутчэй. Некалькі разоў давялося пераразаць калючы дрот. Нарэшце, на 12-ы дзень яны прыйшлі да мяжы і хутка перабраліся на беларускі бок. Праз паўтары гадзіны прыехалі памежнікі. Некалькі дзён украінцам давялося правесці ў ізалятары, а далей іх дэпартавалі ў Літву. Адкуль "кожны раз'ехаўся па выбраных краінах Еўропы". Крыкрывенка цяпер жыве ў Венгрыі.