Экс-байца беларускага спецназа прызналі вінаватым у выкраданні праціўніка Лукашэнкі. Суд над Юрыем Гараўскім адбыўся ў швейцарскім Санкт-Галене. Гэтая гісторыя цягнецца ўжо сем гадоў. Гараўскі прызнаўся ў датычнасці да лукашэнкаўскага "эскадрона смерці" ў 2019-м, калі прасіў палітычнага прытулку ў Швейцарыі. Аднак у 2023-м суд палічыў, што некаторыя з паказанняў беларус прыдумаў. Суддзя прыйшоў да высновы, што ён, верагодна, служыў у спецназе, але ягоная роля ў выкраданнях застаецца няяснай: "Магчыма, ён чуў пра гэта ад калег". Сваякі зніклых палітыкаў абскардзілі гэтае рашэнне. У выніку сёння Гараўскі прызнаны вінаватым у выкраданні бізнесоўца Анатоля Красоўскага. За гэта яго пакаралі двума гадамі пазбаўлення волі ўмоўна. Пры гэтым па справе пра знікненне былога кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі апраўдальны прысуд пакінуты ў сіле.