Лукашэнка рэфармуе Акадэмію навук — ліквідуе частку ўстаноў і робіць кіраўніцтва дзяржслужбоўцамі. Гэта вынікае з новага ўказу. Па задуме, рэформа дазволіць пазбавіцца ад дублявання функцый і засяродзіць рэсурсы на прыярытэтных для ўладаў задачах. Кіраўніцтва Акадэміі атрымае большыя паўнамоцтвы ў кадравых пытаннях, а старшыня Прэзідыума, яго намеснікі і галоўны навуковы сакратар набудуць статус дзяржаўных грамадзянскіх служачых. Указ змяняе парадак выбараў акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў: уводзяцца ўзроставыя абмежаванні — да 70 гадоў для акадэмікаў і да 60 гадоў для членаў-карэспандэнтаў — і дадатковыя патрабаванні да навуковых дасягненняў і кваліфікацыі. Акрамя таго, Лукашэнка будзе асабіста прысвойваць званні навукоўцам.