Швед, затрыманы ў Расіі па падазрэнні ў падрыхтоўцы тэрактаў, прыйшоў пешшу з Беларусі. На гэтую інфармацыю, якую Пскоўскі гарадскі суд агучыў разам з рашэннем узяць Фрэдзі Ліндхальма пад варту да 6-га снежня, звярнула ўвагу @zerkalo_io. "Паводле органа дазнання падазраваны, не маючы належнага дазволу, дзейнічаючы наўмысна, па асабістых бытавых матывах, у пешым парадку ў абыход устаноўленых пунктаў пропуску, здзейсніў незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Расійскай Федэрацыі з Рэспублікі Беларусь, пасля чаго быў затрыманы памежным нарадам. У судовым паседжанні замежны грамадзянін не пярэчыў супраць абрання меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту", — гаворыцца ў паведамленні суда. Пра затрыманне ў Пскоўскай вобласці грамадзяніна Швецыі ФСБ РФ паведаміла 15 кастрычніка. Сілавікі заявілі, што ён "ехаў у Расію для здзяйснення тэрактаў на вайсковых аб'ектах".