13-гадовая мінчанка адправіла "сябру з Расіі" геалакацыю гандлёвага цэнтра. Далей яе напужалі, прымусілі абшукаць кватэру і перадаць бацькоўскія ашчаджэнні кур'еру. Вось як гэта адбылося. Школьніца пазнаёмілася ў сацсетках з хлопцам, які назваўся яе равеснікам з Санкт-Пецярбурга. Ён папрасіў даслаць геалакацыю лепшага гандлёвага цэнтра ў Мінску — нібыта каб знайсці агульную тэму для размовы. Дзяўчынка зрабіла гэта. У адказ ёй даслалі відэа з чалавекам у вайсковай форме. Амаль адразу патэлефанаваў мужчына, які назваўся следчым. Ён заявіў, што школьніца перадала каардынаты замежным спецслужбам, і цяпер ёй пагражае суд за здраду дзяржаве. Спалоханую дзяўчынку прымусілі ўключыць відэасувязь і пад кіраўніцтвам "следчага" абшукаць кватэру. Калі яна знайшла грошы, махляры запатрабавалі перадаць іх кур'еру — для праверкі. Пры гэтым паабяцалі вярнуць усю суму праз 20 хвілінаў. Школьніца выканала ўказанні. А ашуканцы перасталі выходзіць на сувязь. Некалькі дзён дзяўчынка баялася расказаць пра здарэнне бацькам — працягвала думаць, што можа ўцягнуць іх у крымінальную справу. Але ў рэшце рэшт прызналася ва ўсім маці.