"Сёння я была на рэпетыцыі, а паўтары гадзіны таму мне патэлефанавалі і сказалі: вас не зацвердзілі". Паэтку з вершам "Да жанчын" прыбралі з канцэрта да Дня маці ў Валкавыску. "Маё прачытанне кранула да слёз усіх жанчын у зале, — расказвае Хасан Бадрыя. — Але мяне выкраслілі з праграмы. Як такое магло адбыцца? Чаму нейкае зацвярджэнне адбываецца за дзень да мерапрыемства? Чаму яшчэ месяц таму было вядома, што я буду ўдзельнічаць, а за дзень да Дня Маці, у "Год беларускай жанчыны" так абыходзяцца з жанчынай?" Дзень Маці адзначаецца ў Беларусі 14-га кастрычніка. Паэтка дадае, што яна сама — маці, у яе двое дзетак. "Рэжысёрка выбрала мяне, а выключыў нехта іншы. Вельмі хочацца ведаць, хто і з якой прычыны", — дадае яна, звяртаючыся да старшыні Валкавыскага райвыканкама. "Мілая жанчына! Навошта вам маленькая зала ў Ваўкавыску? Мы чакаем вас заўтра тут!", — суцяшаюць яе карыстальнікі Threads. Але ёсць і тыя, хто абараняе арганізатараў канцэрта: "Насамрэч усё вельмі проста. Ёсць так і ёсць не. Трэба проста зразумець: раз не прайшлі — дык не прайшлі... І гэта не трагедыя. Гэта здаровая канкурэнцыя. Зоркі не сышліся!".