"Расія ніколі раней не праяўляла такой абуральнай непавагі да Амерыкі". Уночы расіяне ўдарылі балістычнымі ракетамі і дронамі па энергетычным сектары Украіны. Галоўнай мэтай была кіеўская ТЭЦ-4. "Гэта быў мэтанакіраваны балістычны ўдар менавіта па энергетычнай інфраструктуры — тым самым сектары, адносна якога прэзідэнт ЗША заклікаў да спынення агню. Удар быў цалкам наўмысным і дэманстратыўным па сваім маштабе, — каментуе начныя падзеі Уладзімір Зяленскі. — Расія ніколі раней не праяўляла такой абуральнай непавагі да Амерыкі. Расія не лічыць заявы прэзідэнта ЗША вартымі ўвагі". Уночы на 14-га кастрычніка расіяне выпусцілі па Украіне 39 балістычных ракет і больш за 120 ударных беспілотнікаў ды дронаў-камікадзэ. Гэта здарылася ўсяго праз два дні пасля таго, як Дональд Трамп заявіў, што Расія і Украіна дамовіліся пра энергетычнае перамір'е.