"Я не разумею тых, хто кажа, што мы павінны адмовіцца ад Украіны ці саступіць Пуціну ці Лукашэнку. Мы павінны засвоіць вельмі простую ісціну: дыктатараў немагчыма задаволіць саступкамі. Калі вы гэта робіце — вы толькі ўмацоўваеце іх". Святлана Ціханоўская выступіла на адкрыцці на адкрыцці Forum 2000 у Празе. Шмат што ў яе прамове гучала як адказ Дональду Трампу, які дазволіў Пуціну гандляваць палівам на сусветных рынках, а ад Зяленскага патрабуе спыніць удары па расійскіх НПЗ. Ціханоўская казала, што дыктатары вучацца адзін у аднаго: як ажыццяўляць рэпрэсіі, маніпуляваць выбарамі, абыходзіць санкцыі і прымушаць апанентаў маўчаць. "І мы, хто выступае за дэмакратыю, таксама павінны вучыцца адзін у аднаго. Як умацоўваць нашы інстытуты. Як супрацьстаяць прапагандзе. Як прыцягваць дыктатараў да адказнасці. І як рыхтавацца да пераменаў, калі яны прыйдуць", — лічыць яна. "Ізалюючы дыктатараў, мы ніколі не павінны забываць пра людзей — пра тых, хто выконвае нябачную штодзённую працу, якая падтрымлівае жыццё нашых грамадстваў. Пра журналістаў, якія кажуць праўду. Пра актывістаў, якія будуюць супольнасці. Пра праваабаронцаў, якія фіксуюць злачынствы. Пра дзеячаў мастацтва, якія берагуць нашу ідэнтычнасць. Калі рэжымы спрабуюць прымусіць іх маўчаць, мы павінны зрабіць так, каб іх галасы гучалі гучней", — дадае лідарка беларускага дэмакратычнага руху.