Былы палітвязень знайшоў падпрацоўку ў Вільні — і трапіў пад крыміналку. 23-гадовага Мікіту Саідава папрасілі прынесці пахавальны вянок да віленскага офіса абароннай кампаніі RSI Europe. І заадно партрэт яе кіраўніка Томаса Мілашаўскаса з чорнай стужкай. Як даведалася @nashaniva, усё пачалося з абвесткі ў чаце з падпрацоўкамі. Заказчык тлумачыў, што ў яго памёр сябар, а сам ён знаходзіцца не ў Літве, таму патрэбны чалавек, які купіць пахавальныя вянкі і адвязе іх па названым адрасе. За працу абяцалі 400 еўра. Частка грошай мусіла пайсці на "рэквізіт" для "перфоманса", астатняе — выканаўцы. Беларус перадаў падпрацоўку знаёмаму ўкраінцу. 27-га жніўня вянкі былі дастаўленыя да офіса RSI Europe, якая займаецца беспілотнымі сістэмамі, пастаўляе Украіне FPV-дроны і сістэмы дыстанцыйнага падрыву. Неўзабаве чалавека, які адвёз вянкі, затрымалі. Літоўскія СМІ напісалі, што наняць яго мог беларус. Тады Саідаў усвядомеў, у што яго ўцягнулі, спужаўся і з'ехаў у Латвію. Але пазней вярнуўся і сам прыйшоў у паліцыю. Нейкі час ён правёў за кратамі, але цяпер вызвалены да суда. Хлопца падазраюць у дапамозе іншай дзяржаве ў дзейнасці супраць Літвы, гэта артыкул 118 літоўскага Крымінальнага кодэкса. Яго першая частка прадугледжвае ад двух да сямі гадоў пазбаўлення волі.