Цягнікі Адлер — Мінск і Мінск — Адлер 11-га кастрычніка аб'язджаюць участак мяжы з Расіяй у раёне Гомеля. Іх пусцяць праз Смаленск і Оршу. Пра змены ў маршруце і ў раскладзе паведаміла Беларуская чыгунка. Няштатную сітуацыю тлумачаць "тэхнічнымі прычынамі". Цягнік №301, што адправіўся з Адлера 9-га кастрычніка замест станцыі Гомель пройдзе праз станцыі Бранск, Смаленск, Орша-Цэнтральная — і далей да Мінска. Для пасажыраў, якія збіраліся выйсці ў Гомелі і на станцыях участка Гомель — Мінск прызначаны дадатковы цягнік. Таксама як і для тых, хто збіраўся дабрацца на цягніку з Адлера ад Гомеля да Мінска. Цягнік № 302 Мінск — Адлер 11-га кастрычніка ідзе дзейным раскладам да станцыі Гомель, а пасля — змененым маршрутам праз Магілёў, Оршу, Смаленск, Бранск. І далей вяртаецца на свой маршрут.