У М'янме пяць чалавек асуджаныя за выкраданне 26-гадовай беларускі Веры Краўцовай. Прысуды — па 21 годзе зняволення і катаржныя працы, піша мясцовае медыя Your Link MM. Акрамя таго, выдадзеныя ордэры на арышт пяці грамадзянаў М'янмы і Таджыкістана, якія маюць дачыненне да перапраўкі беларускі. Але падрабязнасці расследавання, у тым ліку абставіны затрымання абвінавачаных, не раскрываюцца. У верасні 2025 года Вера Краўцова адправілася ў Тайланд на працу мадэллю. 20 верасня дзяўчына вылецела з Бангкока ў Янгон. Апошні раз яна выходзіла на сувязь са сваякамі 4-га кастрычніка. Неўзабаве з'явілася інфармацыя, што Краўцову маглі вывезці ў махлярскі цэнтр у М'янме, дзе яе прымушалі ашукваць людзей на сайтах знаёмстваў. Пазней з'явіліся сцвярджэнні, што дзяўчыну забілі, яе органы прадалі, а цела крэміравалі.