На прэм'еру ў Купалаўскі тэатр запрасілі блогераў — яны рассыпаліся ва ўдзячнасцях. Водгукі "звычайных" гледачоў былі нашмат больш стрыманымі, а той-сёй дык і ўвогуле сыйшоў пасля першага акта "Сэрца на далоні". Спектакль па рамане Івана Шамякіна паставіў мастацкі кіраўнік тэатра, расіянін Дзмітрый Акімаў. Дзея адбываецца ў мінімалістычнай дэкарацыі. Для новай пастаноўкі ў зале павесілі вялікі экран, на які транслюецца тое, што адбываецца на сцэне. "Я ўпершыню бачу, каб негатыўныя водгукі былі аргументаванымі і пераважалі над пазітыўнымі", — піша адна з глядачак. А іншая іранізуе над заказнымі постамі, у якіх расхвальваюць спектакль: "Прэм'ера спектакля паводле Шамякіна, усё вельмі спадабалася!👏 Рэжысёр — віртуозна, акцёры — філігранна, гук — гулка. Любімы момант — каньяк у буфеце, злавіла вайб Санкт-Пецярбурга. Да слёз рэкамендую! (Тэкст не рэдагаваць, інфармацыю ў дужках выдаліць, аплата прызначаецца праз 15 хвілін пасля публікацыі)"