I am Jane Doe. У сацсетках — хваля допісаў, у якіх жанчыны расказваюць пра ўчынены над імі гвалт. Прычым злачынцы часцей за ўсё засталіся без пакарання. Такіх постаў жахліва шмат. І аўтаркі шмат якіх з іх — беларускі. "Мне было 22. Ён запрапанаваў падвезці мяне ўночы дадому. На мне былі боты а-ля "Цімбірлэнды", джынсы, швэдар і белая цёплая куртка, — піша адна з іх. — Ён згвалтаваў мяне на паркоўцы каля майго дому. Я адразу пазваніла ў міліцыю, яго хутка знайшлі, бо я запомніла нумар машыны. Следчы прапанаваў забраць заяву, калі гвалтаўнік выбачыцца перада мной з кветкамі. Праз год мне даслалі адмову ў завядзенні крымінальнай справы. Замест даных гвалтаўніка там былі даныя зусім іншага чалавека". "З маіх блізкіх сябровак кожная другая Джэйн Доў. Я Джэйн Доў. Былы муж думаў, што калі я сплю, дык нармальна. Нават калі мне больна, я плачу і кажу, што не хачу, — расказвае іншая. — Гэта ўсё навокал. І пастаянна ўнутры. Не дзесьці ў далёкіх краінах, а, магчыма, за сцяной вашай кватэры. З кім не адбывалася — тым цяжка паверыць". Джэйн Доў (Jane Doe) — гэта ўмоўнае імя, якое выкарыстоўваецца ў англамоўных краінах для абазначэння жанчыны, чыё сапраўднае імя невядомае ці мусіць быць схаванае. Так у дакументах назвалі і студэнтку Корнэльскага ўніверсітэта ў ЗША, якая абвінаваціла семярых мужчын у групавым згвалтаванні. Але справу замялі пад дыван, а дзяўчыне давялося адлічыцца. Падрабязнасці сталі вядомыя толькі цяпер. Яны спрычынілі хвалю салідарнасці па ўсім свеце.