Чвэрць дарослых беларусаў пакутуюць ад атлусцення. Гэта сур'ёзная хвароба, якую яшчэ ў 1990-я вызначылі як хранічнае захворванне. Аднак шмат хто дагэтуль тлумачыць яго выключна ладам жыцця і ўспрымае як касметычны дэфект. А перамагчы атлусценне цяжэй, чым здаецца. Таму ў Беларусі збіраюцца змяніць пратаколы ў барацьбе з ім. Дактары хочуць раздзяліць "даклінічнае атлусценне" — фізічны фенатып, калі залішні жыр назапашваецца, але органы чалавека працуюць як мае быць, і "клінічнае атлусценне" — хранічнае захворванне, калі назапашванне тлушчу выклікае змяненні функцый органаў ці ўсяго арганізма. Агулам пратакол у лячэнні атлусцення будзе выглядаць так: дыягностыка — вызначэнне стадыі — індывідуальная мэта — персаналізаваная тэрапія — прафілактыка ўскладненняў — доўгатэрміновае падтрыманне выніку.