Літва разам з Польшчай рыхтуе план эвакуацыі жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі ў выпадку расійскай агрэсіі. Паводле дырэктара літоўскага Нацыянальнага цэнтра ўпраўлення крызісамі Вілмантаса Віткаўскаса, унутраны план эвакуацыі ўжо гатовы, з Польшчай краіна працуе над міжнародным планам. Акурат у гэтыя дні ў Польшчу прыехалі каля 20 прадстаўнікоў розных інстытуцый, якія разам з польскімі калегамі ацэньваюць працэдуры, лагістыку і магчымасці інфраструктуры. 25 верасня Лтва пачала штогадовыя мабілізацыйныя вучэнні "Купал Віціса", у якіх удзелнічаюць каля 3 тысяч чалавек — ад чыноўнікаў, прадстаўнікоў НДА да добраахвотнікаў. Яны адпрацоўваюць дзеянні пры збоях у энергетыцы і сувязі, эвакуацыю насельніцтва, супрацу з саюзнікамі і захаванне крытычна важных паслуг. Паралельна праходзяць вучэнні па грамадзянскай абароне. Іх сцэнар прадугледжвае эвакуацыю жыхароў Вільні і памежных муніпаліцэтаў пры пагрозе нападу з боку Беларусі.