Усяго праз 5 тыдняў у ЗША пройдуць так званыя midterms — прамежкавыя выбары, на якіх будзе абраны новы склад Палаты прадстаўнікоў і траціна Сената. Апытанні сведчаць пра магчымасць вялікай "блакітнай хвалі". Блакітны — колер Дэмакратычнай партыі (у рэспубліканцаў — чырвоны). Прасцей кажучы, гаворка ідзе пра магчымасць таго, што дэмакраты атрымаюць большасць і ў Палаце прадстаўнікоў, і ў Сенаце. На партале RealClearPolitics, які агрэгуе даныя розных сацыялагічных апытанняў, а таксама так званых "рынках прадказанняў", верагоднасць таго, што дэмакраты атрымаюць большасць у Палаце прадстаўнікоў, ацэньваецца ў 91%. Шанцы ўзяць у Сенат крыху меншыя — 61%. Але яшчэ некалькі тыдняў таму верагоднасць атрымання дэмакратамі большасці ў верхняй палаце Кангрэса ацэньвалася ў 49%. Папулярнасць дэмакратаў перад выбарамі тлумачаць некалькімі фактарамі. Па-першае, рэйтынг ухвалення Дональда Трампа цяпер складае ўсяго 35%, што ўплывае на ўсю Рэспубліканскую партыю. Таксама амерыканцы вельмі незадаволеныя вайной у Іране і турбуюцца праз рост цэн і даступнасць жытла. Згодна з апытаннямі, бальшыня лічыць, што іх эканамічнае становішча хутчэй могуць выправіць дэмакраты, а не рэспубліканцы. Ну і нарэшце, на прамежкавых выбарах у ЗША ёсць ужо зафіксаваны патэрн: партыя дзейнага прэзідэнта амаль заўсёды губляе пэўную колькасць месцаў ў Кангрэсе.