Ініцыятыва MALDZIS набыла першы ў гісторыі поўны навуковы слоўнік беларускай мовы. Кніга “Слоўнік беларускай гаворкі” (у арыгінале – “Словарь бѣлорусскаго нарѣчія”) Івана Насовіча была выдадзеная Імператарскай акадэміяй навук у Санкт-Пецярбургу ў 1870 годзе. “Слоўнік Насовіча – гэта спроба зафіксаваць свет, які мог знікнуць без следу. І хоць сам Насовіч мысліў у катэгорыях сваёй імперскай эпохі, вынік ягонай дзейнасці і да сёння працуе на беларускую будучыню. Вяртаючы гэты слоўнік у беларускі кантэкст, мы вяртаем сведчанне таго, што беларуская мова стагоддзямі была паўнавартаснай і жывой”, — пракаментаваў новы экспанат у калекцыі ініцыятывы MALDZIS яе кіраўнік, былы дыпламат Павел Мацукевіч. Падтрымаць MALDZIS, каб усё большая колькасць артэфактаў беларускай гісторыі была ў саміх беларусаў, можна (і вельмі раім гэта зрабіць) па спасылцы.