27-гадоваму лётчыку прысудзілі 13 гадоў калоніі. Яго назвалі вінаватым у здрадзе дзяржавы і незаконным абарачэнні наркотыкаў. Працэс над Святаславам Падвашэцкім быў закрытым. Таму ў адкрытым доступе няма падрабязнасцяў абвінавачання і доказаў, на падставе якіх суд вынес прысуд. Пра Падвашэцкага вядома, што ён нарадзіўся 15 верасня 1998 года, скончыў лётную вучэльню ва Украіне, потым вярнуўся ў Беларусь і праходзіў стажыроўку ў "Белавія". Яго бацька таксама быў пілотам. Падвашэцкі падтрымліваў сувязь з былымі аднакурснікамі, частка якіх далучылася да Узброеных сіл Украіны. Менавіта перапіска з імі магла стаць падставай для пераследу. Паведамляецца, што незадоўга да затрымання Святаслаў даслаў знаёмаму фотаздымак самалёта, на якім праходзіў стажыроўку, і напісаў, што будзе на ім лятаць. Затрымалі яго 10 чэрвеня 2025 года.