Радаслаў Сікорскі паразмаўляў з Максімам Рыжанковым. Сустрэча міністраў замежных справаў Польшчы і Беларусі адбылася на палях Генеральнай Асамблеі ААН. "Гэта прарыў. Адносінаў на такім узроўні не было, верагодна, з 2016 года", — адзначае Сікорскі. І дадае, што ААН гэта нейтральная тэрыторыя, дзе можна сустрэцца з прадстаўнікамі вельмі розных краінаў. Міністры абмеркавалі сітуацыю на беларуска-польскай мяжы і рэгіянальную бяспеку. Паводле Сікорскага, між іншага ён узняў тэму расійскіх беспілотнікаў і ракет, якім Беларусь дазваляе лётаць праз сваю тэрыторыю. "Неўзабаве мы адкрыем новы будынак амбасады ў Мінску. Калі сусед хоча размарозіць і палепшыць адносіны, Польшча заўсёды гатовая да пагаднення", — каментуе кіраўнік польскага МЗС. На пытанне, ці азначае гэта, што польскі ўрад прызнае рэжым Лукашэнкі, Сікорскі адказвае: "Як дзяржава, мы прызнаем іншыя дзяржавы, а не ўрады". А на пытанне, ці азначае гэта нармалізацыю адносінаў з Беларуссю, ён рэагуе метафарай: "Гэта як пралеска, якая можа расквітнець, калі надвор'е спрыяльнае".