Беларусам могуць дазволіць выкупаць арэнднае жыллё. Гэта абмяркоўвалася на сённяшняй нарадзе ў Лукашэнкі. Як звычайна, ёсць нюансы. Новую норму плануюць увесці толькі для жыхароў арэндных кватэраў, прадастаўленых па месцы працы. А магчымасць выкупу арэнднага жылля будзе з'яўляцца толькі "пасля дасягнення пэўнага стажу працы. Дапусцім, 15, 20, 25 гадоў", — расказаў віцэ-прэм'ер Аляксандр Церахаў. Чыноўнік не хавае, што гэтыя захады прапануюцца не для таго, каб даць беларусам магчымасць самім распараджацца сваім жыццём. Яны патрэбныя "зыходзячы з неабходнасці замацавання кадраў на канкрэтных прадпрыемствах".