Журналісты прыдумалі першы гродзенскі віртуальны забег. Прабяжы 11,27 км з 1-га кастрычніка па 3-га лістапада, атрымай медаль і падтрымай Hrodna.life! Чаму 11,27 км? І чаму да 3-га лістапада? Паўсюль закладзены зразумелы гродзенцам сэнс. 1127-ы лічыцца годам заснавання Гродна. А 3-га лістапада — Дзень святога Губерта, апекуна паляўнічых і заступніка горада. "Мы можам жыць у розных краінах і часавых паясах, але нашыя сэрцы застаюцца на берагах Нёмана. Сёння, калі для многіх гродзенцаў сустрэчы ў родным горадзе немагчымыя, прапануем стварыць новую супольную традыцыю і аб’яднаць гродзенскую дыяспару па ўсім свеце", — кажуць арганізатары. Як паўдзельнічаць? Зарэгіструйцеся праз форму ўнізе гэтай старонкі і зрабіце данат. Пазначце ваш мэйл і паштовы адрас. Далей, з 1-га кастрычніка па 3-га лістапада прабяжыце 11,27 км у сваім горадзе ці мястэчку. І, нарэшце, загрузіце скрыншот з фітнес-трэкера праз Google-форму ўнізе той жа старонкі. І чакайце Дня святога Губерта, пасля якога пачнецца рассылка медалёў. Забег адкрыты не толькі для гродзенцаў. Паўдзельнічаць можа кожны і кожная, хто любіць Гродна. А не любіць Гродна проста нельга!