Turkish Airlines аднавіла рэйсы ў Мінск — але па дзіўным маршруце. Самалёт турэцкай авіякампаніі ляціць уздоўж мяжы Беларусі з Латвіяй, Літвой і Польшчай. Але залятае і вылятае з нашай краіны праз Расію. І ў выніку праводзіць у небе каля 3,5 гадзінаў. Чаму так? Аказваецца, справа ў санкцыях, якія ўвяла... Беларусь! Самалётам, якія залятаюць у нашу краіну з боку Еўрасаюза, забароненая пасадка ў аэрапортах Беларусі. За выключэннем экстраных выпадкаў. Гэтае абмежаванне ўведзенае беларускімі авіяцыйнымі ўладамі ў адказ на еўрапейскія санкцыі, накладзеныя на Belavia. Але ў сацсетках можна сустрэць і іншае тлумачэнне: "Гэта новы кліентаарыентаваны падыход. Пасажыры проста папрасілі паказаць Вільню і Рыгу з вышыні палёту. Пілот даў кругаля. Усе задаволеныя!".