За апошнія некалькі гадоў ва ўкраінскіх элітаў змянілася стаўленне да беларусаў. Пра гэта на Форуме Астрожскіх расказаў дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк. Падаляк адзначыў, што сярод высокапастаўленых беларускіх сілавікоў ёсць грамадзяне Расіі: "То бок, сілавы блок Беларусі ў пэўнай ступені кантралюецца Расійскай Федэрацыяй. Усе гэтыя рэчы з 2022 года сталі значна больш вядомымі ва Украіне". Таксама ён заявіў, што ў кіраўніцтве Украіны доўгі час не разумелі розніцы паміж беларусамі і расіянамі: "Я не буду сцвярджаць, што ў нас увогуле не было экспертаў, якія ведалі Беларусь. Але часам да прэзідэнта даходзілі людзі, якія расказвалі, што беларусы — гэта "мяккія" расіяне, з якімі можна дамовіцца праз карупцыю. Усё гэта паступова змянілася".