Лукашэнка вымушаны апраўдвацца перад Джонам Коўлам за тое, што саджае за краты сваіх апанентаў. Калі размова зайшла пра вызваленне палітвязнняў, ён у чарговы раз заявіў, што ў Беларусі няма палітычнага пераследу. Як звычайна, ён дадаў, што палітвязні ў Беларусі — гэта выдумкі нядобразычліўцаў, бо “няма такога артыкула ў нашым заканадаўстве”. Пра тое, што іншадумцаў можна кідаць за краты і па непалітычных артыкулах, Лукашэнка, як звычайна, прамаўчаў. Але звярнуў увагу на тое, што “збеглыя” (так у прапагандзе называюць беларусаў, якія, ратуючыся ад рэпрэсій, з’ехалі за мяжу) “пераканалі [Коўла] у тым, што мы кагосьці тут адпускаем, але, працягваючы рэпрэсіі, на гэтае месца ўдвая больш затрымліваем людзей”. “Я хачу публічна вам сказаць, што гэта абсалютная няпраўда”, — сцвярджае Лукашэнка. Коўлу сапраўды пісалі на гэтую тэму — у твітары. Спецпасланнік Трампа па Беларусі інфармацыяй пра працяг рэпрэсій быў яўна незадаволены.