Ці будуць украінцы вяртацца з Польшчы на радзіму? Чвэрць ужо дакладна кажа, што не. Апытанне ўкраінцаў, што жывуць у Польшчы, правяла сацыялагічная кампанія Rating Group. Згодна з вынікамі даследавання, 51% адказалі, што вернуцца ва Украіну, аднак пераважная большасць пазначыла, што толькі пасля сканчэння вайны. 26% апытаных не маюць планаў па вяртанні, а 23% не могуць даць адназначнага адказу. Апытанні беларусаў у Польшчы пра ўзровень жыцця і планы на будучыню перыядычна праводзіць польскі Нацбанк. Аднак там даюць фармулёўку "[застацца] назаўсёды ці больш чым на год" (na stałe lub dłużej niż rok), таму зрабіць выснову, якая колькасць увогуле ўжо не плануе ехаць некалі дадому, немагчыма.