Скончылася пяцігадовая дыскваліфікацыя, якую Міжнародная федэрацыя хакея (IIHF) наклала на Дзмітрыя Баскава. Яму адразу ж далі пасаду — старшыні назіральнай рады ХК "Дынама-Мінск". У 2020-м Баскава пазналі сярод тых, хто прыязджаў абразаць БЧБ-стужкі ў пратэстных дварах. Яго падазраюць у датычнасці да нападу на Рамана Бандарэнку на "Плошчы пераменаў" у Мінску, пасля якога малады пратэстоўца загінуў. IIHF прыняла рашэнне пасля 10-месячнага расследавання, якое праводзіла дысцыплінарная рада. Было прызнана, што Баскаў парушыў Кодэкс паводзінаў федэрацыі: пагражаў беларускім спартсменам і дыскрымінаваў іх з-за палітычных перакананняў, а таксама злоўжываў сваімі службовымі паўнамоцтвамі для падтрымкі Лукашэнкі. Функцыянер быў адхілены ад усіх відаў хакейнай дзейнасці і на нацыянальным, і на міжнародным узроўні. "Сёння я перагортваю гэтую старонку, каб з патроенай энергіяй працаваць на карысць беларускага хакея", — напісаў Баскаў у сваім тэлеграм-канале.