Генеральная пракуратура Швейцарыі спыніла разгляд скаргі былой беларускай палітзняволенай Наталлі Хершэ. Пракурор пагадзіўся, што ўмовы яе зняволення былі "надзвычай цяжкімі" і "часткова зневажальнымі". Але прыйшоў да высновы, што гэта звычайныя акалічнасці турмаў аўтарытарнага рэжыму, а не катаванні. Ён таксама адзначыў, што 13 беларускіх афіцыйных асобаў, супраць якіх была пададзеная скарга, ніколі не бывалі ў Швейцарыі. За сарваную з АМАПаўца балаклаву Наталлю Хершэ — грамадзянку Беларусі і Швейцарыі — прысудзілі да 2,5 гадоў калоніі. Яна выйшла на волю ў лютым 2022-га, правёўшы ў зняволенні 17 месяцаў.