Набор пірожных пасварыў блогераў-ябацек з Магілёва. Канфлікт на квізе скончыўся заявай у міліцыю за паклёп. Але справу заводзіць адмовіліся (і, відаць, доўга смяяліся). Гэтая гісторыя пачалася 7-га траўня, калі каманда газеты "Могилёвские ведомости" прыйшла ў ГЦ "Атрыум" на квіз, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне. У яе складзе былі блогеры Сяргей Лосеў і Юлія Эдзірывіра Арачыге. Каманда заняла трэцяе месца і выйграла набор з 36 пірожных. Сяргей вырашыў забраць яго сабе. А Юлію гэта глыбока пакрыўдзіла. Яна заявіла правы на сваю долю ад прыза. Але ён пагадзіўся саступіць ёй толькі чатыры пірожных. Абураная Эдзірывіра Арачыге расказала пра гэта ў інстаграме. А Лосеў пайшоў у міліцыю — напісаў заяву за паклёп. Але міліцыянты пайшлі ў інстаграм і паглядзелі відэа пра чатыры пірожных. І чамусьці адмовіліся заводзіць крымінальную справу — за адсутнасцю склада злачынства. Спадзяемся, хоць пірожанкі былі смачныя!