Беларуса, які дапамагаў РФ атрымліваць оптыку з Украіны, абвясцілі ў міжнародны вышук. Расследаванне справы Яўгена Малінковіча адбывалася завочна. Следства сцвярджае, што Малінковіч арганізаваў пастаўкі з Украіны праз Польшчу ў Расію аптычнага шкла. Яно прызначалася разанскаму ТАА "КОЛТ", якое працуе на ваенную прамысловасць Расіі. У Польшчу прадукцыю дастаўлялі грамадзяне Украіны. Следчыя кажуць пра некалькі такіх перавозак, але агульны аб’ём не ўдакладняюць. Украінцы падчас следства называлі Малінковіча "Жэнем з Гомеля". Паводле экспертаў, шкло, якое перавозіў Малінковіч, у Расіі выкарыстоўваюць пры вытворчасці вайсковых прыладаў — кантрольных прыбораў, галовак саманавядзення ракет, оптыкі ва ўмовах ядзернага ўздзеяння.