Чыноўнікі спрабуюць цэнзураваць беларускую "Вікіпедыю". Акаўнт, падпісаны як "Мінінфарм Беларусі", хавае змест старонак, якія не падабаюцца ўладам, пад заглушкай пра "абмежаваны доступ". Гэта заўважыў вядомы беларускі вікіпедыст Уладзіслаў Чаховіч. Пад забарону трапілі старонкі "Секс", "Бісексуальнасць", "Парнаграфія", "ЛГБТ", "Вясёлкавы сцяг (ЛГБТ)", "Аранжавая рэвалюцыя", "Пуцінізм", "Уварванне Расіі ва Украіну (з 2022)", "Пратэсты ў Беларусі (2017)", "Пратэсты ў Беларусі (2020—2021)", артыкулы пра зніклых апанентаў Лукашэнкі Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, а таксама пра асобаў, якія могуць быць датычнымі да гэтых знікненняў: Дзмітрыя Паўлічэнку, Уладзіміра Навумава, Юрыя Сівакова. І іншыя. Пасля таго, як злачынны акаўнт быў заблакаваны, выдаленні працягнуліся з новага акаўнта — "МІБ БЕЛАРУСЬ". Яго ахвярамі сталі артыкулы "Пуцін — х****!", "Дыктатура", "Аўтарытарызм", "БДСМ", "Фембой", "Сексуальныя меншасці". Першы акаўнт быў створаны з Венгрыі, другі — з Азербайджана. Усе праўкі, унесеныя з іх, скасаваныя. Але не выключана, што набег на беларускую "Вікіпедыю" працягнецца.