"У гэтым годзе яны мною не ганарацца". Удзельнікі Мінскага паўмарафона крыху засмуціліся, атрымаўшы смскі са сваімі вынікамі. Летась тых, хто паспяхова пераадолеў дыстанцыю, віншавалі словамі "Мы ганарымся вамі!". Сёлета сціпла паведамляюць пра 5, 10 ці 21 "ваў-км", якія засталіся за спінай. "Барамір прабег бы за 39 хвілінаў", — жартуюць каментатары. Мінскі паўмарафон сёлета прайшоў у 11-ы раз. На ўдзел зарэгістраваліся каля 30 тысяч чалавек з 40 краінаў свету. Асноўныя забегі стартавалі і фінішавалі каля стадыёна “Дынама”. Мужчынскі паўмарафон выйграў прадстаўнік Танзаніі Боай Маганга з вынікам 1:04:23, жаночы — кенійка Хільда Кіптум з вынікам 1:11:13.