У Беларусі змянілі школьную праграму па фізкультуры. Раней было 2 заняткі фізічнай культуры і адзін — гульнявы, дзе школьнікі маглі гуляць у футбол ці яшчэ нешта. Цяпер у іх тры паўнацэнныя заняткі, кажа міністр адукацыі Андрэй Іванец. Фізічную падрыхтоўку школьнікаў раней раскрытыкаваў Лукашэнка, а яму на яе наскардзіліся вайскоўцы: маўляў, хлопцы ў армію прыходзяць слабымі. Па словах Іванца, на фізкультуры развіваюць "базавыя фізічныя навыкі". Нарматывы ён не лічыць "звышскладанымі" — аднак сам міністр у мінулым паўэрліфцер, таму для яго нічога складанага і не было б. Згодна з дзеючымі нарматывамі, каб атрымаць 4 балы хлопцы ў 9 класе мусяць скакаць з месца на даўжыню амаль 2 метры і рабіць як мінімум 5 падцягванняў, а таксама прабягаць 1,5 кіламетры за 7 хвілін. Ці дасць рады выканаць такія мінімальныя нарматывы кожны настаўнік фізкультуры?