Мікола Статкевіч: укід пра турэмны "статус" Сяргея Ціханоўскага зрабілі праз двух крымінальнікаў. "Я высветліў абставіны праз аўтарытэтных у турэмным свеце людзей. Як выявілася, недарэчную і хлуслівую інфармацыю пра Сяргея распаўсюдзілі двое крымінальнікаў. Адзін з якіх падпісаў у зняволенні паперы пра "законапаслухмяныя паводзіны", а другі даў падчас следства паказанні супраць сваіх сяброў, што аўтаматычна пазбаўляе абодвух паважанага месца ў турэмным свеце і права выносіць вызначэнні пра "статус" ды распаўсюджваць інфармацыю пра іх", — напісаў палітык. Статкевіч піша, што яго "засмучае кампанія ў Сеціве супраць Сяргея Ціханоўскага — харызматычнага лідэра, які шмат зрабіў для народнага ўздыму 2020 года, годна прайшоў турэмныя катаванні, не папрасіў літасці ў сваіх катаў і зараз знаходзіцца на волі". Адначасова ён звярнуўся і да самога Ціханоўскага — заклікаў не наракаць на СМІ і не рэагаваць эмацыйна на словы апанентаў, "што з'яўляецца неабходнай якасцю дэмакратычнага палітыка".