На мінулым тыдні быў апублікаваны next35 — спіс маладых беларусаў, якія змяняюць свет. У спартовага выдання @tribuna_by узніклі пытанні да адной з яго ўдзельніц. Агата Ласка адзначаная складальнікамі спіса за тое, што "ператварыла ўласны шлях ва ўніверсітэты ЗША ў рухавік, дасяжны для іншых". Дзяўчына скончыла 11 класаў у Бараўлянах і здолела адшукаць фінансаванне, каб працягнуць адукацыю ў Злучаных Штатах. А пазней заснавала AGLA Education.USA — кансалтынгавую кампанію для студэнтаў з нашага рэгіёна, якая дапамагае падаваць заяўкі, праходзіць сумоўі, атрымліваць візы і фінансаванне для навучання ў ЗША. Журналісты "Трыбуны" заўважылі, што сама Агата Ласка, каб паступіць у амерыканскі коледж, зрабіла стаўку на спорт, якім ніколі не займалася. Яна прадставілася перспектыўнай кідальніцай дыска і прыпісала сабе перамогу ў чэмпіянаце Мінска — хаця ў пратаколах спаборніцтваў не згадваецца. А вынік, якім пахвалілася дзяўчына, — 40,07 м — у яе ўзросце могуць паказаць толькі адзінкі з тых, хто займаецца. І прычым займаецца гадамі. На спаборніцтвах у Мінску ён бы дазволіў Агаце апярэдзіць не толькі ўсіх дзяўчат, але і ўсіх хлопцаў! Аднак стаўка на спорт прынесла беларусцы поспех. Яна паступіла ва ўніверсітэт Уінгейта — мястэчка ў штаце Паўночная Караліна, дзе на яе навучанне вылучылі $64 тысячы. Што праўда, на спаборніцтвах у ЗША Агата Ласка не змагла кінуць дыск далей, як на 30 метраў. Але справа ўжо была зробленая. На першым курсе дзяўчына паказала найвышэйшы бал па вучобе на менеджменце і перабралася з Паўночнай Караліны ў коледж Хобарта і Уільяма Сміта ў штаце Нью-Ёрк. А напачатку 2025 года выйшла ў фінал мясцовага конкурсу стартапаў з праектам AGLA Education.USA, які дазволіў ёй трапіць і ў next35.