Траекторыя расійскіх "Шахедаў" ва Украіне сведчыць, што яны працягваюць выкарыстоўваць беларускую інфраструктуру. На гэты раз, імаверна, мабільныя сеткі. Дарадца Уладзіміра Зяленскага з пазыўным "Флэш" звярнуў увагу, што сотні рэактыўных дронаў, якія лятуць на Кіеў, доўгі час трымаюцца побач — уздоўж мяжы з Беларуссю. Яго тлумачэнне такое: на беспілотніках устаноўленыя LTE-мадэмы, якія "чапляюцца" за базавыя станцыі беларускіх мабільных аператараў і такім чынам застаюцца кіраванымі. Раней украінцы заўважылі на тэрыторыі Беларусі наземныя рэтранслятары, праз якія Расія магла карэктаваць палёты сваіх дронаў у рэальным часе. Цяпер жа гаворка пра выкарыстанне звычайнай мабільнай інфраструктуры. Калі версія "Флэша" пацвердзіцца, нават пасля адключэння рэтранслятараў беларуская сетка сувязі можа служыць расійскаму войску падчас атак на Украіну. Але Мінск тэхнічна можа гэта заблакаваць.