У Беларусі знайшлі рэдкага кажана, які амаль знік у Заходняй Еўропе. Шыракавушка Еўрапейская селіцца ў старых лясах, дзе захавалася шмат дуплаватых дрэў і адпластаванай кары. Менавіта такія ўмовы ёсць на тэрыторыі нацыянальнага парку “Прыпяцкі”. Для назірання спецыялісты выкарыстоўвалі ультрагукавыя дэтэктары і спецыяльныя сеткі, бяспечныя для кажаноў. За палявы сезон даследчыкі запісалі больш за 18 тысяч эхалакацыйных сігналаў. Па іх частотах можна вызначыць, да якога віду належыць кажан. Усяго ў Беларусі сустракаюцца 19 відаў рукакрылых, а ў "Прыпяцкім" цяпер пацверджаная наяўнасць дзесяці з іх.