Польшча адмовілася пачынаць крымінальную справу пра знікненне Анатоля Котава. Акруговая пракуратура Варшавы спасылаецца на адсутнасць юрысдыкцыі ў польскіх органаў: беларускі палітычны актывіст не быў грамадзянінам Польшчы, знік за яе межамі. І звестак пра датычнасць палякаў да злачынства няма. Заяву ў пракуратуру падалі пасля таго, як Беларускі расследавальніцкі цэнтр падрабязна апісаў абставіны знікнення Анатоля Котава. 21 жніўня 2025 года ён прыляцеў з Варшавы ў Турцыю, дабраўся да турэцкага порта Трабзон і падняўся на борт 30-метровай яхты Shells. На наступны дзень яго здалі супрацоўнікам расійскай берагавой аховы ФСБ ля берагоў Абхазіі. Паводле газеты Rzeczpospolita, Турцыя перадала польскім следчым матэрыялы пра перамяшчэнні Котава. Крыніца выдання, блізкая да следства, сцвярджае, што ключавой версіяй яго знікнення была яго магчымая агентурная дзейнасць і спроба атрымаць доступ да Паўла Латушкі. У БРЦ заяўляюць, што гэтай версіі варта ставіцца крытычна. Паўнавартаснага расследавання пракуратура не праводзіла, а даныя расследавальнікаў сведчаць, што знікненне не было добраахвотным.