Раніцай 20 жніўня гамельчукі прачнуліся ад “страшнага трэску і грукату”. У сацсетках жыхары абласнога цэнтру абмяркоўваюць здарэнне, якое па часе супадае з чарговай расійскай атакай на Кіеў. "Разбудзіў страшны трэск і грукат", "Быў гук, нейкі дзікі трэск", "Пачуўся грукат над домам", — так яны апісваюць пачутыя гукі. Грунтуючыся на апісаннях відавочцаў, выданне "Флагшток" мяркуе, што яны чулі пралёт дрона і выбух ці пралёт знішчальніка. Адзначаецца, што гук не быў падобны да матора мапеда — характэрны шум БПЛА "Герань-136", які найчасцей выкарыстоўваюць расійскія войскі. Пра выпадкі залётаў БПЛА на тэрыторыю Беларусі не паведамляецца.